У 2009 г. была падпісана Дамова аб супрацоўніцтве паміж Цэнтральным дзяржаўным навукова-тэхнічным архівам Украіны (ЦДНТА Украіны) і Беларускім дзяржаўным архівам навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД). З мэтай папаўнення нацыянальных архіўных фондаў дакументамі, а таксама рэалізацыі праграм «Архіўная Украініка ў Беларусі» і «Архіўная Беларусіка ва Украіне» бакі ажыццяўляюць абмен інфармацыяй, а таксама супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі дакументальных публікацый, дакументальных выстаў, у правядзенні навукова-даследчай і метадычнай працы.
У межах Дамовы аб супрацоўніцтве быў падрыхтаваны сумесны выставачны анлайн-праект «Украініка ў фондах БДАНТД і Беларусіка ў фондах ЦДНТА Украіны».
Мэта выставы – пазнаёміць даследчыкаў з дакументамі па гісторыі навукі, тэхнікі, архітэктуры Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца ў ЦДНТА Украіны і з навукова-тэхнічнай дакументацыяй, звязанай з гісторыяй Украіны, якая захоўваецца ў БДАНТД.
БДАНТД захоўвае дакументы Нацыянальнага архіўнага фонда Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць рэтраспектыўную інфармацыю па гісторыі развіцця навукі, тэхнікі і культуры. На 1 студзеня 2018 г. у архіве на пастаянным захоўванні знаходзіцца 303 фонды, што складае 197 626 адзінак захоўвання за 1748 ‑ 2017 гг. З іх 131 293 адзінкі захавання навукова-тэхнічнай дакументацыі, 59. 868 ‑ кіраўнічай, 6465 ‑ асабістага паходжання, з якіх 2835 ‑ асабліва каштоўных спраў. Значная частка архіўнага корпусу дакументаў тычыцца гісторыі навукі, архітэктуры і культуры як Рэспублікі Беларусь, так і замежных краін (Арменія, Венгрыя, Германія, Грузія, Казахстан, Латвія, Літва, Манголія, Польшча, Расія, Румынія, Францыя, Узбекістан, Эстонія). Усяго ў фондах БДАНТД захоўваюцца дакументы па гісторыі больш чым 25 краін. Пры гэтым матэрыялы па гісторыі Украіны знаходзяцца на другім месцы паводле аб’ёму дакументаў замежных дзяржаў.
У ЦДНТА Украіны захоўваецца дакументацыя вядучых навукова-даследчых, праектных, канструктарскіх і тэхналагічных арганізацый. Архіў з’яўляецца крыніцавай базай для даследавання развіцця навукі і тэхнікі як ва Украіне, так і за яе межамі. Амаль за 50 гадоў свайго існавання ЦДНТА Украіны сканцэнтраваў 252 архіўныя фонды, амаль 600 000 адзінак захоўвання дакументаў за перыяд 1891 ‑ 2016 гг., 1032 комплексы навукова-тэхнічнай дакументацыі (па стане на 01.01.2018 г.). Масіў дакументаў ЦДНТА Украіны падзелены на 5 уліковых груп: праектная дакументацыя, канструктарска-тэхналагічная дакументацыя, справаздачы аб навукова-даследчых работах, патэнтная дакументацыя, вуснагістарычныя дакументы. У фондах архіва прадстаўлена інфармацыя па развіцці асобных галін прамысловасці і архітэктуры 26 краін свету, у тым ліку: Беларусь, Балгарыя, Грузія, Егіпет, Індыя, Ірак, Казахстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Венгрыя, Узбекістан і інш.
Структура выставы:
Раздзел 1. Украініка ў фондах БДАНТД.
Раздзел 2. Беларусіка ў фондах ЦДНТА Украіны.
Раздзел 1. Украініка ў фондах БДАНТД.
Дакументы да аб’ектаў Украіны з фондаў БДАНТД на выставе прадстаўлены дакументацыяй 8 фондаў:
Ф. 3. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга «Інстытут Белдзяржпраект».
Ф. 23. Упраўленне Беларускай чыгункі.
Ф. 25. Фонд асабістага паходжання Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда.
Ф. 34. Адкрытае акцыянернае таварыства "Беллегпрампраект".
Ф. 92. Дзяржаўнае прадпрыемства «МедБіяФармПраект».
Ф. 122. Творчая архітэктурна-праектная майстэрня «Мінскархпраект» Саюза архітэктараў БССР.
Ф. 232. Фонд асабістага паходжання Сяргея Дзмітрыевіча Філімонава.
Ф. 286. Фонд асабістага паходжання Элкано Маркавіча Гольдштейна.
Значным паводле аб’ёму і важнасці з’яўляецца корпус праектных дакументаў па аб’ектах, звязаных з турыстычнай і санаторна-курортнай дзейнасцю ‑ санаторыі, пансіянаты. Гістарычную каштоўнасць уяўляюць дакументы, звязаныя з аднаўленнем і рэканструкцыяй санаторыя «Горнае сонца» ў Місхоры, якую праводзілі супрацоўнікі праектнага інстытута «Белдзяржпраект» у 1945 г. (праектнае заданне і тэхна-рабочы праект, усяго 6 адзінак захоўвання). У 1946-1947 гг. гэтым жа праектным інстытутам праводзіліся работы па аднаўленні і рэканструкцыі санаторыя «Беларусь» у г. Алупка (эскізны праект, праектнае заданне, усяго 2 адзінкі захоўвання). Эскізным праектам прадугледжвалася будаўніцтва трох будынкаў: лячэбна-адміністрацыйнага корпуса, спальнага корпуса і водалячэбніцы з кацельнай. Пры нармальных умовах працы, санаторый мог прыняць да 80 адпачываючых.
Спецыяльнай архітэктурна-праектнай майстэрняй Саюза архітэктараў БССР у 1978-1982 гг. былі ажыццёўлены маштабныя работы па праектаванні і будаўніцтве пансіяната-гасцініцы на 300 месцаў у г. Сакі (поўны тэхна-рабочы праект, усяго 17 адзінак захоўвання). Згодна з архітэктурна-праектным заданнем асноўная частка будынка складала 9 паверхаў, дзе размяшчалася 139 спальных нумароў.
Цалкам прадстаўлены праект Белацаркоўскай абутковай фабрыкі (1989-1991 гг.), распрацоўкай якога займаўся Дзяржаўны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў прамысловасці першаснай апрацоўкі лубяных валокнаў ДПІ-12. У склад аб’екта ўключаны тыпавыя праекты вытворчага корпуса, трансфарматарнай падстанцыі, склада ГЗМ, блока ачысткі дажджавых вод і іншыя дакументы (поўны праект, усяго 286 адзінак захоўвання). Яшчэ адным буйным аб’ектам прамысловасці з’яўляецца праект Радэхоўскага біяхімічнага завода ў Львоўскай вобласці, які ў 1985-1989 гг. праектаваў Усесаюзны навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут мікрабіялагічных вытворчасцей (УНДІМВ) (усяго 541 адзінка захоўвання). У адпаведнасці з Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР №№ 770 і 771 ад 09.06.1983 г. і Пастановай Дзяржплана СССР № 213 ад 27.09.1983 г. прадугледжвалася будаўніцтва завода магутнасцю вытворчасці 72 000 тон прэміксаў і 500 тон біявіта-80 у год . Гэты завод павінен быў стаць самым буйным прамысловым прадпрыемствам у г. Радэхове.
Значны аб’ём праектнай дакументацыі па гісторыі Украіны датычыцца пытанняў чыгуначнага будаўніцтва. Гэта, перш за ўсё, матэрыялы па пракладцы і рэканструкцыі чыгуначнай лініі Бахмач ‑ Мінск за 1865 ‑ 1945 гг. Асобную групу праектнай дакументацыі складаюць масты і маставыя збудаванні: праз рэкі Дзясна (1872, 1930 гг.) і Уць (1895, 1930 гг.), выканаўчыя чарцяжы каменных мастоў на 1-1,5 сажняў (Роменскі ўчастак) (1885 года), разлікі пралётнага будаўніцтва мастоў на лініі Бахмач-Мінск (1932 г.), драўляныя масты на лініі Нізкоўка-Карукоўка (1933, 1939, 1941 г. гг.), зводная ведамасць малых мастоў Бахмач-Мінск па 5-м раёне (1932 г.) і класіфікацыя мастоў лініі Бахмач-Мінск (1927-1940 гг.).
Значны корпус навукова-тэхнічнай дакументацыі прадстаўлены праектамі і апісаннямі чыгуначных станцый і перагонаў: Часнакоўка (1916 г.), Доч (1873, 1900, 1939 гг.), Макошына (1900 г.), Мена (1902, 1932-1939 гг.), Нізкоўка (1929-1932 гг.), Бондараўка (1932-1939 гг.), Карукоўка (1932-1939 гг.), Халявіна (1937-1939, 1940-1944 гг.) (Чарнігаўская вобласць), а таксама яшчэ больш за 15 іншых станцый і раз’ездаў. Цалкам прадстаўлены праект станцыі Сноўская (Чарнігаўская вобласць) (1940-1941 гг.).
У Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі шырока прадстаўлены таксама і навукова-даследчыя работы (НДР), якія тычацца гісторыі навукі Украіны. Так, “Навукова-даследчы інстытут прамысловасці першаснай апрацоўкі лубяных валокнаў” (НДІПАЛВ) правёў у 1970-1980-х гг. шэраг даследчых работ, у тым ліку: “Удасканаленне тэхналогіі працэсу вымакання на Ковельскім ільнозаводзе МЛП УССР” (1974 г.), «Укараненне водна-паветранага спосабу мочкі на Ковельскім ільнозаводзе» (1975 г.), “Мадэрнізацыя сушыльнай машыны на Паўлаградскім пеньказаводе” (1989 г.).
Дзве навуковыя працы “Тэхнічная справаздача па выніках абследавання маста праз Днепра-Бугскі канал каля вёскі Кужалічын-Іванава-Мяжа УССР-Любяшоў” (1973 г.) і “Справаздача па абмене вопытам арганізацыі ўкаранення новай тэхнікі і пастаноўкі навукова-тэхнічнай інфармацыі ў сістэме дарожнай гаспадаркі УССР” (1969 г.) правёў “Беларускі дарожны навукова-даследчы інстытут”. Некалькі распрацовак было праведзена Беларускім філіялам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі ў галіне машынабудавання. Так, у 1986 годзе скончана НДР па тэме “Правядзенне інжынерна-псіхалагічных даследаванняў і распрацоўка рэкамендацый па стварэнні сістэм аўтаматызаванага кантролю трактароў МТЗ, ХТЗ, ВгТЗ, ЧЗПТ. Этап. Правядзенне інжынерна-псіхалагічных даследаванняў і распрацоўка інжынерна-псіхалагічных і мастацка-канструктарскіх рэкамендацый па стварэнні аўтаматызаваных сістэм трактароў МТЗ і ХТЗ”. У 1990 г. была ажыццёўлена распрацоўка навуковай тэмы: “Дызайнерская і эрганамічная распрацоўка элементаў інтэр’еру трактароў ВА “ХТЗ”, якія абсталёўваліся аўтаматызаванымі сістэмамі СКАТ і Іст з вырабам вузлоў устаноўкі манітораў".
Вялікая навукова-даследчая работа праводзілася Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНДІКВВР). У прыватнасці, быў падрыхтаваны “Прагноз якасці вады рэк Шкло, Вішня, Вяр, Задуўка на ўзроўні 1990 і 2000 гг.” (1981 г.), былі праведзены “Даследаванні і разлік сцёку рэк басейна Прыпяці на летне-зімовы сезон. Навуковыя асновы комплекснага вывучэння і выкарыстання водных рэсурсаў Украінскага і Беларускага Палесся” (1975 г.). У 1975 г. была ажыццёўлена “Распрацоўка прагнозу змяненняў паверхневых водных рэсурсаў і элементаў воднага балансу тэрыторый Беларусі, Украіны і Малдовы пад уплывам гаспадарчай дзейнасці на перспектыву 20-30 гадоў. Ацаніць уплыў асобных відаў гаспадарчай дзейнасці на рэсурсы паверхневых вод і элементы воднага балансу на перспектыву 20-30 гадоў (Украіна)”.
Заключная група дакументаў (у асноўным выяўленчых) захоўваецца ў фондах асабістага паходжання вядомых дзеячаў архітэктуры і навукі Беларусі. Яны адклаліся ў выніку іх непасрэднай дзейнасці (удзел у навуковых мерапрыемствах, форумах, камандзіроўках, конкурсах), а таксама падарожжаў (малюнкі выдатных мясцін, успаміны і інш.).
Так, у фондзе вядомага беларускага архітэктара Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда захоўваюцца наступныя дакументы па гісторыі Украіны: “Помнік Т.Р.Шаўчэнкі ў г. Харкаве” (1935 г.), “Помнік У.І.Леніну ў г. Кіеве” (скульптар М.Г.Манізер, 1935-1936 гг.), праект “Урадавага цэнтра г. Кіева” (фрагменты, перспектывы, віды, 1934-1938 гг.), “Будынак тэатра масавага музычнага дзейства ў г. Харкаве” (галоўны фасад, 1929 г.), фатаграфія “І.Р.Лангбард з членамі ўрада Украіны на будаўніцтве Дома ўрада ў г. Кіеве”(1936 г.).
У іншых фондах выяўлены наступныя дакументы: “Арганізацыя зялёнага будаўніцтва ў г. Кіеў” (1972 г.), “Эскіз рэстарана санаторыя “Беларусь” у Крыме, “Малюнкі архітэктурных помнікаў Львова” (1970-я гг.), “Малюнкі гарадоў Кіева і Львова” (аловак, акварэль, туш, 1957 г.) “Малюнкі горада Ялты, мора пад Адэсай” (аловак, акварэль, туш, 1957-1961 гг.), “Харкаўскі метрапалітэн. Гістарычны нарыс і паштоўкі з відамі станцый метро з дароўным надпісам архітэктара П.Р.Чачальніцкага” (1977, 1987 гг.), “Фотаздымкі дачы мастака К.А.Каровіна ў Гурзуфе” (1912-1913 гг.), “Пакроўскі манастыр пад Харкавам і царква ў вёсцы Гаеўка” (замалёўкі, аловак, 1944 г.), “Бібліятэка імя М.Горкага ў г. Запарожжа” (фота галоўнага фасада), фотаальбом сталовай санаторыя “Беларусь” і Дома Навукоўцаў у Крыме (1950-я гг., 1985 г.), фатаграфіі “Дыпломны праект цэнтра г. Керч” (1949 г. ), “Санаторый «Беларусь” у г. Місхоры» (фатаграфіі трэцяга лячэбнага корпуса, 1969 г.) і фатаграфіі беларускага архітэктара Ю.В.Шпіта і беларускага мастака М.А.Савіцкага за распрацоўкай дызайн-праекта корпуса № 3 санаторыя “Беларусь” у Місхоры (1960-я гг.).
Усяго ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі захоўваецца больш за тысячу адзінак захоўвання, ў якіх змяшчаецца рэпрэзентатыўная і каштоўная інфармацыя па гісторыі архітэктуры, навукі і тэхнікі Украіны.
Раздзел 2. Беларусіка ў фондах ЦДНТА Украіны
Дакументы да аб’ектаў Рэспублікі Беларусь з фондаў ЦДНТА Украіны на выставе прадстаўлены дакументацыяй 12 фондаў:
Р-3 Адкрытае акцыянернае таварыства “Укргідрапраект ААТ “Укгідрапраект” (без ведамаснай прыналежнасці) г. Харкаў;
Р-11 Дзяржаўны Усесаюзны інстытут па праектаванні і навукова-даследчых прац “Южгіпрацэмент” Міністэрства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў СССР, г. Харкаў;
Р-21 НВА Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчага машынабудавання (НВА “УІСГАМ”) навукова-даследчы інстытут сельскагаспадарчага машынабудавання “УкрНДІсгам” Міністэрства трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання СССР, г. Харкаў;
Р-43 Дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут па праектаванні трактарных заводаў і заводаў сельскагаспадарчага машынабудавання “Гіпратрактарсельгасмаш” Міністэрства трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання СССР, г. Харкаў;
Р-47 фонд асабістага паходжання Аляксея Мікалаевіча Бекетава;
Р-78 Адкрытае акцыянернае таварыства “Украінскі навукова-даследчы і канструктарскі інстытут хімічнага машынабудавання", (ААТ “УкрНДІхіммаш”) Дзяржкамітэта прамысловай палітыкі Украіны, г. Харкаў;
Р-80 Арэнднае дзяржаўнае прадпрыемства “Украінскі дзяржаўны праектны і праектна-канструктарскі інстытут “Цяжпрамаўтаматыка” Украінская дзяржаўная карпарацыя па выкананні мантажных і спецыяльных будаўнічых работ, г. Харкаў;
Р-96 Навукова-даследчы інстытут спецыяльных спосабаў ліцця “НДІСЛ” Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР, г. Адэса;
Р-111 Дзяржаўны інстытут па праектаванні нафтаправодаў, нафтапрадуктаправодаў і нафтабаз “Паўдгіпранафтаправод” Міністэрства нафтавай прамысловасці СССР, г. Кіеў;
Р-114 Украінскі дзяржаўны інстытут па праектаванні знешніх вадаправодаў, каналізацыі і гідратэхнічных збудаванняў прамысловых прадпрыемстваў “УкрВадаканалпраект” Аб’яднання “СаюзвадаканалНДІпраект” Дзяржбуда СССР, г. Кіеў;
Р-152 Дзяржаўны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасці “ДПІ-5” Міністэрства лёгкай прамысловасці СССР, г. Кіеў;
Р-213 Усесаюзны навукова-даследчы інстытут па ахове вод, УНДІАВ Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, г. Харкаў.
У ЦДНТА Украіны захоўваецца 24 фонды асабістага паходжання. Дакументы з фонду акадэміка архітэктуры А.М.Бекетава з’яўляюцца самымі запатрабаванымі сярод даследчыкаў. У фондзе А.М.Бекетава захоўваецца «Праграма ўсесаюзнага конкурсу на складанне праекта будынка Вялікага дзяржаўнага тэатра Беларускай ССР на 2250 чалавек у г. Менск» (1934 г.). У праграме прыведзены асноўныя палажэнні для праектавання ‑ дэталёвае апісанне асноўных памяшканняў тэатра і іх прызначэнне, патрабаванні да складу праекта, склад журы. У 1933 г. быў аб’яўлены конкурс на складанне праекта тэатра, ў якім бралі ўдзел выбітныя савецкія архітэктары. Па выніках конкурсу архітэктарам тэатра стаў І. .Лангбард, які стварыў выдатную культурную і архітэктурную славутасць - Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
На выставе прадстаўлены аб’екты, якія складаюць прамысловы патэнцыял Рэспублікі Беларусь. Экспанаваная дакументацыя, распрацаваная ўкраінскімі арганізацыямі, датычыцца развіцця хімічнай прамысловасці - праект Гродзенскага азотна-тукавага завода, ў якім была прапанавана электронная вылічальная машына «Мінск-22», распрацаваны арганізацыйная структура інфармацыйна-вылічальнага цэнтра, тэхналагічны працэс работы інфармацыйна-вылічальнага цэнтра (1969- 1975 гг.) (стадыя тэхнічны праект, выкананы ў адпаведнасці з заданнем на праектаванне № 578-69, узгодненым Міністэрствам лёгкай прамысловасці БССР 9 снежня 1968 г.); лёгкай прамысловасці - праект камвольна-прадзільнай фабрыкі ў г. Слоніме, Гродзенскай вобл., на якой упершыню быў распрацаваны працэс выпуску чыставаўнянай кудзелі для трыкатажнай прамысловасці (1970-1975 гг.) і праект пашырэння аздобнай вытворчасці камбіната шаўковых тканін у г. Віцебску (1989 г.), паводле якога прадугледжвалася прымяненне абсталявання набіўной галандскай машыны тыпу РД-1 (1989 г.); машынабудавання - праект Віцебскага завода сельскагаспадарчага машынабудавання (1954-1956 гг.) і чыгуналіцейнага цэха на Мінскім трактарным заводзе, прызначанага для вытворчасці вялікіх адлівак з шэрага чыгуну (1961 г.). Цікавым для вывучэння гісторыі Беларусі з’яўляецца план г. Віцебска 1955 г., на якім адзначаны захаваныя, пашкоджаныя і знішчаныя ў выніку Другой сусветнай вайны 1941-1945 гг. будынкі.
У ЦДНТА Украіны захоўваецца праект найбуйнейшага ў свеце нафтаправода “Дружба” (1960-1972 гг.), распрацаваны Дзяржаўным інстытутам па праектаванні нафтаправодаў, нафтапрадуктаправодаў і нафтабаз “Паўдгіпранафтаправод” Міністэрства нафтавай прамысловасці СССР, г. Кіеў. Праектам нафтаправода Мазыр - Броды - Ужгарад меркавалася яго будаўніцтва ад г. Мазыр да мяжы з Чэха-Славацкай рэспублікай, працягласцю 724 км і праходзіла па тэрыторыі Гомельскай вобласці Беларускай ССР. Асобнай часткай у ЦДНТА Украіны прадстаўлена схема развіцця другой ніткі нафтаправода “Дружба” на ўчастку Мазыр - Броды да 1980 г., па заданні прадукцыйнасць дзвюх нітак павінна была скласці 30,5 млн. тон нафты ў год.
Вырашэнню праблемы перагрузкі транспартных сетак Еўропы прысвечана праца Гідрапраекта імя С.Я.Жука па стварэнні Чарнаморска-Балтыйскага глыбакаводнага транспартнага шляху (1953-1963 гг.), траса якога праходзіла балоцістымі раёнамі даліны р. Прыпяць. Водныя рэсурсы прадстаўлены таксама ў праекце Вілейска - Мінскай воднай сістэмы (1964-1966 гг.), распрацаванага “Укрвадаканалпраектам” Дзяржбуда СССР на падставе Пастановы Савета Міністраў БССР ад 21.03.1963 г. “Аб мерах па водным добраўпарадкаванні г. Мінска”. У праекце вырашаецца праблема абваднення р. Свіслач, у дакументах прыведзена схема вадасховішчаў, утрымліваюцца навуковыя рэкамендацыі па эфектыўным рыбагаспадарчым выкарыстанні вадасховішчаў.
Важную інфармацыю аб мерапрыемствах па ахове навакольнага асяроддзя можна знайсці ў праекце “Генеральная схема комплекснага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Беларускай ССР” (1963-1965 гг.).
Акрамя праектнай дакументацыі па Беларусі у ЦДНТА Украіны захоўваюцца справаздачы аб навукова-даследчых работах па хімічнай прамысловасці - даследаванне абсталявання на Гомельскім, Полацкім хімічных камбінатах (1970, 1973 гг.); работы па метадалогіі выяўлення эфектыўнасці кіравання цэлюлозна-папяровай прамысловасці Беларускага саюзнага вытворчага аб’яднання цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў “Саюзбелбумпрам”; навукова-даследчыя работы па паляпшэнні прадукцыйнасці на Крычаўскім цэментным заводзе.
Архіўныя дакументы ЦДНТА Украіны маюць велізарны інфармацыйны патэнцыял, аднак яны застаюцца практычна без увагі беларускіх даследчыкаў. Сумесныя анлайн-выставы дакументаў могуць папоўніць гэты прабел, даць доступ да дакументаў незалежна ад месцазнаходжання даследчыкаў.
Загадчык аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў С. В. Кулінок
Навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання інфармацыі дакументаў Г. С. Галубкіна